BE RU EN

СМІ: Ваенны рухавік Крамля захлынуўся

  • 13.07.2025, 13:19

Масква пачынае нервавацца.

Праз сорак месяцаў вайны супраць Украіны эканоміка Расеі падыходзіць да небяспечнай рысы. Тэмпы росту запавольваюцца, кошты імкліва растуць, а назапашаныя рэзервы амаль вычарпаныя. Нават у Крамлі ўжо не хаваюць: ранейшая мадэль развіцця, заснаваная на мілітарызацыі і продажы вуглевадародаў, сябе вычарпала. Пра гэта піша EL PAÍS.

На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, які некалі служыў вітрынай магутнасці Расеі, сёлета панаваў трывожны настрой. Міністр эканамічнага развіцця Максім Рашэтнікаў наўпрост прызнаў: «Мы знаходзімся на парозе рэцэсіі».

Кіраўніца Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна дадала, што рэсурсы, якія падтрымлівалі эканоміку ў апошнія гады, практычна скончыліся. Эксперты з Цэнтра макраэканамічнага аналізу папярэджваюць пра стагфляцыю – рэдкі і небяспечны стан, калі рост спыняецца, а інфляцыя захоўваецца на высокім узроўні.

Нават пасля першага за два з паловай гады зніжэння ключавой стаўкі – з 21 адсотка да 20 адсоткаў – сітуацыя застаецца крытычнай. Паводле афіцыйных звестак, інфляцыя ў гадавым выразе перавышае 10%, але незалежныя інстытуты гавораць пра лік большы за 15%.

У той час як афіцыйная статыстыка сцвярджае, што ўзровень беспрацоўя ў краіне – крыху вышэйшы за 2%, а сярэдні заробак упершыню перавысіў 100 тысячаў рублёў, рэальная пакупніцкая здольнасць расейцаў няўхільна зніжаецца. За той самы перыяд інфляцыя склала 24%.

Дэпутат Дзярждумы Мікалай Арэф'еў наўпрост заявіў: «Улады хаваюць сапраўдныя звесткі пра інфляцыю. Калі сказаць праўду, давядзецца паднімаць заробкі і пенсіі, а на гэта ў дзяржавы няма грошай».

Спроба закрыць 2025 з дэфіцытам бюджэту 0,5% правалілася. Новая ацэнка – 1,7%, як і год таму. Пры гэтым у Фондзе нацыянальнага дабрабыту засталося менш за 4 трыльёны рублёў, гэта прыкладна столькі, колькі складае дэфіцыт бюджэту на гэты год.

Фінансавае становішча большасці грамадзянаў пагаршаецца. Паводле звестак цэнтра ФГМ (Фонд грамадскага меркавання), толькі кожны дзясяты расеец мяркуе, што ягонае жыццё палепшылася, у той час як кожны пяты гаворыць пра адваротнае. Затрымкі выплатаў заробку патроіліся, колькасць расейцаў з пратэрмінаванымі крэдытамі (менш за 90 дзён) пераваліла за 8,8 мільёна чалавек.

Праблемы ў эканоміцы тычацца не толькі кішэняў расейцаў. Інстытут Сталыпіна паведамляе: 70% кампаній у першым квартале зафіксавалі падзенне попыту. Вакансій на рынку працы стала менш, аўтапродаж упаў на 25%, а ў сферы адзення продажы знізіліся на 30–35%.

Нават масавыя датацыі ваеннай прамысловасці не здольныя кампенсаваць агульны спад. Ваенныя выдаткі заставаліся галоўным рухавіком расейскай эканомікі з 2022 года, нароўні з экспартам нафты і газу.

Але нават гэты штучны рост згасае. На ацэнку Расстата і Вышэйшай школы эканомікі, за апошнія чатыры гады цывільны сектар вырас усяго на 1,9%. Гэта мала.

Надзеі Крамля на імпартазамяшчэнне таксама не апраўдаліся. Расейская эканоміка ўсё мацней залежыць ад вонкавых паставак, асабліва з Кітая.

Паводле ацэнак эканаміста Уладзіслава Іназемцава, у Расеі застаўся прыкладна адзін год бюджэтнага манеўру, перш чым пачнуцца жорсткія ўразанні выдаткаў. Калі ж наступіць мір, пытанне заробкаў стане асабліва вострым: мабілізаваныя вайскоўцы цяпер атрымліваюць больш за 2000 еўраў за месяц, што ў чатыры разы вышэй за сярэдні заробак.

Мір рызыкуе стаць фінансавым ударам. Прафесар Максім Міронаў мяркуе, што ўлады могуць паспрабаваць развязаць праблему за кошт чарговай дэвальвацыі рубля з мэтай папоўніць бюджэт за кошт валютнай выручкі ад экспарту. Але гэта прывядзе да дадатковай інфляцыі, якая падрывае ўжо давер насельніцтва да ўлады.

Апошнія навіны