BE RU EN

Названыя імёны кілераў, якія забілі палкоўніка СБУ ў Кіеве

  • 13.07.2025, 21:00

Яны шчыльна звязаныя з крымінальнымі групоўкамі ў Расеі.

Галоўны рэдактар Цензор.Нет Юрый Бутусаў расказаў новыя падрабязнасці аб кілерах, якія 10 ліпеня забілі ў Кіеве палкоўніка СБУ Івана Вароніча, і былі ліквідаваныя 13 ліпеня.

На сваёй старонцы ў Facebook Бутусаў адзначыў, што доказы датычнасці ліквідаваных расейскіх агентаў максімальна пераканаўчыя, таму што «расейцы іх выкарыстоўвалі як аднаразовых» і іх сапраўды знайшлі па гарачых слядах.

«На абмен расейцы іх забіраць бы не сталі, каштоўнасці яны ніякай для ФСБ не маюць, яны дзейнічалі за грошы і акрамя заказчыка не ведалі нічога. Таму абодва ліквідаваныя пры спробе супраціву і ўцёкаў», — заявіў журналіст.

Ён таксама паведаміў, што выканаўцу забойства клікалі Гулалізада Хагані, а ягоную суўдзельніцу — Нармін Гуліева.

Бутусаў адзначыў, што Хагані і Гуліева мелі пашпарты Азербайджана, але напраўду былі шчыльна звязаныя з крымінальнымі групоўкамі ў Расеі.

"Гуліева заехала ва Украіну 15 траўня з Малдовы праз пункт перасячэння Маякі-Удобнае. Хагані спрабаваў перасекчы афіцыйна дзяржаўную мяжу на тым жа пункце перасячэння Маякі-Удобнае 27 лютага 2025-га года. Але паколькі ў базах звестак украінскіх праваахоўнікаў ён быў паказаны як мафіёзі, ва ўездзе ва Украіну яму афіцыйна адмовілі і забаранілі ўезд да 2030-га года. Гэта значыць забойца апынуўся і дзейнічаў ва Украіне нелегальна", - паведаміў журналіст.

Ён таксама патлумачыў, што Іван Вароніч стаў мэтай кілераў, таму што расейцы хацелі яму адпомсціць за тое, што ён быў адным з кіраўнікоў 5-й управы контрвыведкі СБУ, якая была створаная ў 2015 годзе для дыверсійных аперацый на часова акупаваных тэрыторыях і знішчыла «дзясяткі самых вядомых камандзіраў расейскіх войскаў і спецслужбаў». Бутусаў адзначыў, што на момант забойства Вароніч ужо некалькі гадоў служыў у іншым падраздзяленні СБУ.

Апошнія навіны