Axios: Трамп рыхтуецца перадаць Украіне ракеты, якія могуць біць па Маскве
- 14.07.2025, 7:36
Прэзідэнт ЗША злы на Пуціна.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвесціць у панядзелак аб новым плане ўзбраення Украіны, які, як чакаецца, будзе ўключаць наступальную зброю, піша Axios, спасылаючыся на свае крыніцы.
"Дзве крыніцы паведамілі Axios, што ў іх ёсць падставы меркаваць, што план, імаверна, будзе ўключаць дальнабойныя ракеты, здольныя дасягаць цэляў глыбока на тэрыторыі Расеі, у тым ліку ў Маскве”, — піша выданне.
Пры гэтым сенатар Ліндсі Грэм сказаў Axios, што Трамп сапраўды злы на Пуціна і яго будучая заява будзе «вельмі агрэсіўнай».
Axios адзначае, што новая ініцыятыва, якая будзе прадстаўленая на сустрэчы Трампа і Генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ, мяркуе, што еўрапейскія краіны будуць аплачваць зброю амерыканскай вытворчасці, якая будзе адпраўленая ва Украіну. Такая схема была прапанаваная прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас саміту NATO два тыдні таму.
Пры гэтым адзначаецца, што адным з чыннікаў, якія пераканалі Трампа пайсці гэтым шляхам, была тэлефонная размова з Уладзімірам Пуціным 3 ліпеня, у якой расейскі кіраўнік ясна даў зразумець, што плануе эскалацыю вайны. У наступныя дні план аб пастаўках зброі ператварыўся з ідэі ў нешта больш канкрэтнае.