У Беларусі абяцаюць пагадзінныя прагнозы надвор'я
- 14.07.2025, 14:58
Яны павінны з'явіцца праз «год-два».
У Беларусі ўкараняць дакладныя пагадзінныя прагнозы надвор'я на тэрмін да 10 дзён. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнай ТВ расказаў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.
Паводле ягоных слоў, цяпер інстытут НАН супольна з Белгідраметам распрацоўвае праект, які дазволіць палепшыць якасць прагназавання. Чакаецца, што ўжо праз год-два беларусы змогуць атрымліваць дэталізаваныя прагнозы надвор'я кожную гадзіну на перыяд да 10 дзён.
Лысенка таксама адзначыў, што сучасныя метады прагназавання заснаваныя на дынамічных мадэлях атмасферы. Кароткатэрміновыя прагнозы на тры дні сёння дасягаюць дакладнасці 96%, тады як у 90-х гадах гэты паказчык складаў 90%. Аднак для доўгатэрміновых прагнозаў, напрыклад на месяц, надзейнасць застаецца нізкай.