BE RU EN

Расейцы дагэтуль не прыбралі абломкі бамбавікоў пасля аперацыі «Павуцінне»

  • 14.07.2025, 17:03

Таксама акупанты кінулі авіябазу ў Джанкоі.

Служба бяспекі Украіны правяла спецаперацыю «Павуцінне» яшчэ 1 чэрвеня. Тым не менш расейцы дагэтуль не прыбралі рэшткі некаторых самалётаў, па якіх быў нанесены ўдар. Аб гэтым піша Defense Express са спасылкай на OSINT-аналітыка Tatarigami, які апублікаваў спадарожнікавыя здымкі расейскіх авіябаз.

Адзначаецца, што на авіябазе «Белая» ў Іркуцкай вобласці ўсё яшчэ ёсць рэшткі самалётаў Ту-95МС і Ту-22М3. У выданні падкрэслілі, што пакуль невядома, чаму расейцы не прыбралі іх.

Журналісты нагадалі, што менавіта ўдар па авіябазе «Белая» стаўся самым дзейсным у рамках «Павуціння». У выніку нападу былі знішчаныя чатыры Ту-95МС і амаль сем Ту-22М3.

Акрамя гэтага рэшткі стратэгічных бамбавікоў заўважаныя на авіябазе «Аленья». Таксама ў выданні звярнулі ўвагу на тое, што на аніводнай з расейскіх авіябазаў стратэгічнай авіяцыі не заўважана прагрэсу ў стварэнні хованак для абароны самалётаў.

Тым не менш на авіябазе тактычнай авіяцыі «Халіна» пад Курскам знаходзіцца на фінальных этапах будаўніцтва 10 хованак з грунтавым насыпам, 12 без грунтавога і яшчэ 8 дадатковых ангараў, дадалі ў выданні. Адлегласць ад гэтага аб'екта да мяжы з Украінай складае ўсяго 110 км.

Апошнія навіны