Скандал у арганізацыі: супрацоўнікаў ананімна апыталі аб непрыемных калегах, а потым абвясцілі прозвішчы
- 14.07.2025, 19:29
Адзін чалавек пайшоў скардзіцца.
У адной беларускай арганізацыі супрацоўнікаў папрасілі ананімна назваць калегаў з некарэктнымі паводзінамі, а потым прылюдна агучылі вынікі. Адзін з работнікаў паскардзіўся ў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак - там распавялі, чым скончылася справа.
На сходзе прафсаюза ў адной з арганізацый правялі ананімнае апытанне. У анкеце задавалі пытанні, напрыклад: «Хто, на вашу думку, паводзіць сябе некарэктна з калегамі?». Варыянты адказаў змяшчалі імёны і прозвішчы канкрэтных работнікаў.
Пазней вынікі гэтага апытання агучылі перад усімі сябрамі прафсаюза і адправілі ў саму арганізацыю для абмеркавання на камісіі.
Адзін з работнікаў падаў скаргу ў Цэнтр абароны персанальных звестак. Праверка паказала, што ў прафсаюза і арганізацыі не было законных падстаў для апрацоўкі персанальных звестак такім спосабам.
У выніку арганізацыя і прафсаюз атрымалі прадпісанне ліквідаваць парушэнні. Анкеты з персанальнымі звесткамі, паводле іх слоў, былі знішчаныя.