BE RU EN

«Ужо на пенсіі, але працаваць няма каму»

  • 15.07.2025, 14:37

У Беларусі ўсё вастрэй адчуваецца нястача працоўных рук.

- Мы з мужам – сям’я, якая захоўвае сяброўскія стасункі дзесяцігоддзямі ды на адлегласці. Але некалькі разоў на год мы выбіраемся ў госці да сваіх прыяцеляў, хоць доўгая дарога даецца нам ужо не так лёгка, як даўней, - напісала ў рэдакцыю сайта Charter97.org чытачка Вікторыя.

Сяброўскія размовы і цёплыя сустрэчы дапамагаюць выжываць у гэты няпросты час. Але нашу сустрэчу трохі азмрочвае, што наша сяброўка вымушаная хадзіць на працу. Яна ўжо на пенсіі, але працаваць няма каму, таму яе просяць і залагоджваюць. Бо знайсці на ферму ветэрынара нялёгка. Амаль немагчыма. Таму Алена хоць і на пенсіі, але працуе безупынна.

Смяецца, што ўсё жыццё прапрацавала на ферме за капейкі, а цяпер працаваць няма каму, дык ейны заробак за апошнія гады падвысілі да 2 тысяч рублёў. Таму пакуль ёсць сілы, яна працуе – трэба ж хоць на пенсіі падушку бяспекі на страсць падрыхтаваць.

Але гэта яшчэ не ўсё. Маю сяброўку нават адправілі ў санаторыю! Праўда, чамусьці не ў беларускую, а некуды ў цьмутаракань (ці то ў Чувашыю, ці то ў Мардовію). Але задарма. Дык яна і радая адпачыць. Гэта вам не французская Біярыца, але ж лепш, чым нічога.

Вось так пасля 2020 года настолькі востра адчуваецца нястача працоўных рук, што лукашысцкі прафсаюз адпраўляе простых вясковых людзей у санаторыі. Раней такую “гісторыю поспеху” можна было пачуць толькі ад паслугачоў на пасадах. А цяпер і звычайных спецыялістаў гэтак песцяць ды шануюць.

Мы пажартавалі: “Алена, калі начальства будзе прасіць падоўжыць кантракт, то менш чым на Турцыю не згаджайся! Хоць у старасці мора пабачыш!”

Апошнія навіны