NYT: Зброя для Украіны, якую NATO набудзе ў рамках пагаднення з ЗША, ужо гатовая да адпраўкі
- 15.07.2025, 19:07
Гаворка ідзе пра сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot, ракеты і боепрыпасы.
Узбраенне, якое NATO павінна набыць у ЗША для патрэбаў Украіны, амаль цалкам гатовае да неадкладнай адпраўкі. Пра гэта ў аўторак, 15 ліпеня, паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы.
Гаворка ідзе, сярод іншага, пра сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot, ракеты і боепрыпасы амерыканскай вытворчасці.
Паводле звестак выдання, амаль усё гэтае ўзбраенне ці то ўжо знаходзіцца на складах, ці то толькі што сышло з вытворчых ліній.
Паводле звестак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў у Лондане, ЗША маюць больш за 60 з прыкладна 180 наяўных у свеце батарэй Patriot, што робіць іх ключавым пастаўшчыком гэтых сістэмаў. У той самы час пакуль невядома, якія менавіта краіны гатовыя аддаць Украіне свае батарэі.
Раней канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц заявіў, што Берлін возьме актыўны ўдзел у пастаўках Украіне зенітна-ракетных комплексаў Patriot у рамках новай ініцыятывы ЗША.
Акрамя таго, Данія, Нідэрланды і Швэцыя заявілі пра гатоўнасць далучыцца да плана Трампа і набыць амерыканскую зброю для Украіны.
14 ліпеня Дональд Трамп абвясціў, што ЗША і NATO заключылі пагадненне аб пастаўках зброі ва Украіну. Паводле ягоных словаў, ЗША будуць вырабляць «найлепшую ў свеце» зброю і прадаваць яе NATO, а Альянс будзе каардынаваць пастаўкі ва Украіну.