BE RU EN

Еўразвяз увёў новыя санкцыі супраць РФ

  • 15.07.2025, 19:24

За парушэнні правоў чалавека і гібрыдную дзейнасць.

Еўрапейскі Звяз унёс у санкцыйныя спісы новыя імёны расейцаў у рамках двух санкцыйных рэжымаў – за парушэнні правоў чалавека і гібрыдную дзейнасць. Гэтыя спісы ў аўторак, 15 ліпеня, ухвалілі кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу на пасяджэнні Рады ЕЗ замежных справаў у Брусэлі.

Пад санкцыі падпалі пяць прадстаўнікоў расейскай судовай сістэмы, якія згулялі ключавую ролю ў пераследзе актывіста Аляксея Горынава, былога муніцыпальнага дэпутата Краснасельскага раёна Масквы, які быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму паводле палітычна матываваным абвінавачванні за выказванне сваёй думкі пра агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, паведаміла прэс-служба Рады ЕЗ. «Падчас адбывання пакарання Аляксей Горынаў зазнаў жорсткае абыходжанне, уключаючы неадэкватную медыцынскую дапамогу, доўгае знаходжанне ў ізалятарах і пазбаўленне сну», – сказана ў прэс-рэлізе.

Індывідуальныя санкцыі маюць на ўвазе забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарозку актываў, паведамляе DW.

Чакаецца, што міністры таксама зацвердзяць 18-ы пакет санкцый у дачыненні да Расеі за яе вайну супраць Украіны, у які ўваходзіць новая коштавая мяжа нафты. Паводле словаў кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага, дамоўленасць можа быць дасягнутая «ў найбліжэйшыя гадзіны». Пакет доўгі час блакавала Славакія, аднак Еўракамісіі ўдалося знайсці з ёй кампраміс: Браціслава дамаглася саступак у сувязі з планам адмовы Еўразвязу ад расейскіх энэрганосьбітаў RePowerEU.

Санкцыі за дэстабілізацыю сітуацыі ў Малдове

15 ліпеня таксама ўведзеныя індывідуальныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да асобаў, якія маюць дачыненне да сістэмы набыцця галасоў на прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндуме аб уступленні ў Еўразвяз у Малдове. Абмежавальныя захады закранулі сем фізічных і трох юрыдычных асобаў, сярод іншых блізкіх паплечнікаў прарасейскага палітыка і бізнэсмэна Ілана Шора, ужо ўключанага ў санкцыйны спіс ЕЗ.

Сярод іх лідары і чальцы арганізацый-пераемніц забароненай у краіне палітычнай партыі «Шор», некаторыя з якіх, паводле звестак Рады ЕЗ, актыўна ўдзельнічалі ў схемах подкупу галасоў у кантэксце прэзідэнцкіх выбараў і канстытуцыйнага рэферэндуму аб уступленні ў ЕЗ у 2024 годзе, а таксама ў подкупе некалькіх палітыкаў Рэспублікі Малдова.

Пад санкцыі Еўразвязу таксама падпала малдаўская кампанія «A7», звязаная з Масквой. Яе ўважаюць за адказную за спробы паўплываць на прэзідэнцкія выбары і канстытуцыйны рэферэндум аб уступленні ў ЕЗ 2024 года. Акрамя таго, Рада ЕЗ уключыла ў санкцыйны спіс палітычны блок «Перамога», створаны Іланам Шорам, які займаецца распаўсюджваннем дэзынфармацыі і схемамі подкупу галасоў. Санкцыі ўведзеныя супраць культурна-адукацыйнага цэнтра Малдовы за спрыянне ўмяшанню ў выбары на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года.

Апошнія навіны