Ізраіль нанёс удары па войсках Сірыі для абароны друзаў
- 15.07.2025, 20:14
Сутыкненні паміж бедуінамі-сунітамі і друзамі пачаліся на поўдні Сірыі 13 ліпеня.
ВПС Ізраіля ў панядзелак і аўторак, 14 і 15 ліпеня, нанеслі ў Сірыі ўдары па баявой тэхніцы ўрадавых войскаў і шляхах іх забеспячэння. Гэта адбылося пасля таго, як войска Сірыі ўвайшло ў горад Сувейда – сталіцу аднайменнай правінцыі, размешчанай на поўдні краіны, дзе кампактна пражываюць прадстаўнікі друзскай этнарэлігійнай меншасці.
Кіраўнік ураду Ізраіля Біньямін Нетаньяху і міністр абароны заявілі, што аперацыя ЦАХАЛ накіраваная, па-першае, на прадухіленне гвалту з боку ўрадавых войскаў у дачыненні да друзаў, а па-другое – на забеспячэнне дэмілітарызацыі раёнаў Сірыі, размешчаных побач з ізраільскай мяжой. Канцэнтрацыю ў іх сірыйскіх сілаў Нетаньяху і Кац назвалі пагрозай бяспецы яўрэйскай дзяржавы.
Сірыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA пацвердзіла факт ізраільскіх удараў, але не паведаміла падрабязнасцяў. Паводле звестак Сірыйскай назіральнай рады ў правах чалавека (SOHR), якая базуецца ў Вялікай Брытаніі, падбіты як мінімум адзін танк сірыйскага ўрадавага войска. Паведамляецца таксама, што адзін вайсковец сірыйскіх войскаў МУС быў паранены шрапнэллю і шпіталізаваны.
13 ліпеня на поўдні Сірыі пачаліся сутыкненні паміж бедуінамі-сунітамі і друзамі. На наступны дзень ісламісцкі ўрад у Дамаску накіраваў у гэты раён урадавыя войскі – паводле версіі ўладаў, для дээскалацыі канфлікту. Аднак SOHR абвінаваціў войска Сірыі ў расправах над мясцовымі жыхарамі – паводле звестак SOHR, у Суэйдзе вайскоўцы расстралялі на месцы як мінімум 19 чалавек.
Усяго ж, паводле звестак назіральнай рады, у гэтым раёне за 48 гадзінаў былі забітыя не менш за 135 чалавек, уключаючы дзвюх жанчынаў і дваіх дзяцей. МУС Сірыі 14 ліпеня называў лік 30 чалавек, зноў-такі не паведамляючы дадатковых падрабязнасцяў.
15 ліпеня апоўдні паводле мясцовага часу міністр абароны ў часовым урадзе Сірыі Мурхаф Абу Касра заявіў, што ўлады краіны дасягнулі з «высокапастаўленымі асобамі» Сувейды пагаднення пра спыненне агню. «Урадавыя сілы будуць рэагаваць толькі на напады і змагацца з групоўкамі, якія знаходзяцца па-за законам», – Мурхаф Абу Касра ў сацсетцы X.