BE RU EN

Business Insider: Пад Асіповічамі кіпіць будоўля на аб'ектах, якія, верагодна, рыхтуюць пад ядзерную зброю РФ

  • 15.07.2025, 21:02

Ёсць свежыя здымкі.

Расея актыўна мадэрнізуе і пашырае свае ядзерныя аб'екты. Новыя спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя Business Insider ад амерыканскай спадарожнікавай кампаніі Planet Labs, паказваюць маштабныя будаўнічыя працы на некалькіх стратэгічна важных базах – у тым ліку пад Асіповічамі і ў саміх Асіповічах у Беларусі.

Business Insider атрымаў новыя спадарожнікавыя здымкі, якія дэманструюць маштабнае будаўніцтва на расейскіх ядзерных аб'ектах. Чатыры з іх знаходзяцца ў Еўропе (Калінінградская вобласць, ваенна-марская база Гаджыева побач з Нарвегіяй і Фінляндыяй, архіпелаг Новая Зямля паміж Баранцавым і Карскім морамі, Асіповіцкі раён Беларусі), а адзін – на Далёкім Усходзе, побач з Аляскай.

Аналітыкі адзначаюць узвядзенне новых будынкаў, узмацненне аховы, будаўніцтва дарог і платформаў, што ўказвае на абнаўленне інфраструктуры, звязанай з ядзерным арсеналам.

Адзін з ключавых пунктаў – аб'ект пад Асіповічамі, дзе размешчана 1405-я база боепрыпасаў. Здымкі паказваюць, як за апошнія гады там з'явіліся новыя абароненыя аб'екты, акружаныя трайнымі платамі, з антэнамі сувязі і накрытым уездам.

1405-я АРТЫЛЕРЫЙСКАЯ БАЗА БОЕПРЫПАСАЎ (ВАЙСКОВАЯ ЧАСТКА № 42707) ПАД АСІПОВІЧАМІ.

На думку экспертаў, менавіта тут рыхтуюцца сховішчы для тактычнай ядзернай зброі – хутчэй за ўсё, яна будзе дастаўляцца па чыгунцы, а не па паветры, сцвярджае дырэктар праекту ядзернай інфармацыі Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў Ханс Крыстэнсэн. У паўночна-ўсходняй частцы базы таксама заўважаны спецыяльны пандус для разгрузкі, як мяркуецца, ён вядзе ў бункер.

ПАЎНОЧНА-ЎСХОДНЯЯ ЧАСТКА БАЗЫ ПАД АСІПОВІЧАМІ. 21 ТРАЎНЯ 2025 ГОДА. ФОТА: PLANET LABS PBC

Акрамя таго, у саміх Асіповічах выяўлена яшчэ адна ваенная база, дзе размешчаныя пускавыя ўстаноўкі ракетаў «Іскандэр», здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Паводле звестак аналітыкаў, гэтыя ўстаноўкі былі перададзеныя Беларусі Расеяй да канца 2022 года, а побач з імі пабудаваныя гаражы і іншыя дапаможныя пабудовы. На спадарожнікавых здымках відаць, што гэтыя аб'екты актыўна выкарыстоўваюцца.

МЕРКАВАНЫ АБ'ЕКТ У АСІПОВІЧАХ. ФОТА: PLANET LABS PBC
МЕРКАВАНЫ АБ'ЕКТ У АСІПОВІЧАХ. ФОТА: PLANET LABS PBC
МЕРКАВАНЫ АБ'ЕКТ У АСІПОВІЧАХ. ФОТА: PLANET LABS PBC

Хоць доказаў наяўнасці ядзерных боегаловак на гэтых базах пакуль няма, эксперты мяркуюць, што яны могуць быць размешчаныя там у выпадку неабходнасці. Цяпер, хутчэй за ўсё, яны знаходзяцца на расейскай тэрыторыі, напрыклад у раёне Бранска, прыкладна за 200 міляў ад Асіповічаў. Сярод іншых, такое меркаванне выказаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН у даследаваннях у галіне раззбраення Павел Подзвіг.

Нагадаем, яшчэ ў сакавіку «Радыё Свабода» ў сваім расследаванні пісала, што ўлады Беларусі імкліва развіваюць ваенную інфраструктуру ў Асіповічах, сведчыць аналіз спадарожнікавых здымкаў. На думку ваенных экспертаў, менавіта тут могуць размясціць расейскую ядзерную зброю.

Апошнія навіны