BE RU EN

Часовая павераная ў справах Нямеччыны ў Беларусі Андрэа Віктарын пакідае сваю пасаду

  • 16.07.2025, 14:05

Дыпламатка была прызначаная на гэтую пасаду ў верасні 2024 года.

Часовая павераная ў справах Нямеччыны ў Беларусі Андрэа Віктарын пакідае сваю пасаду. Пра гэта дыпламатка напісала ў Facebook.

"25 гадоў таму я ўпершыню прыехала ў Менск. Цяпер я развітваюся, гэтым разам, мабыць, канчаткова", - напісала Віктарын.

Дыпламатка адзначыла, што стасункі паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю, паміж Нямеччынай і Беларуссю на гэты момант далёкія ад таго стану, у якім маглі б знаходзіцца.

«Менавіта таму мы ў гэтай складанай палітычнай сітуацыі імкнуліся і далей спрыяць кантактам паміж грамадзянамі нашых краін. Беларусь глыбока і трывала звязана з нашым агульным еўрапейскім кантынентам: нас аб'ядноўвае агульная гісторыя, збольшага вельмі балючая. Будучыня свабоднай, суверэннай Беларусі для мяне вельмі важная, і я зычу нам усім лепшых часоў і міру», — рэзюмуе дыпламатка.

Нагадаем, у верасні 2024 года Андрэа Віктарын была прызначаная часовай паверанай у справах Нямеччыны ў Беларусі.

Да гэтага яна працавала ў Менску як кіраўніца дэлегацыі ЕЗ з 2015 да 2019 года і як пастаянная прадстаўніца пасольства Нямеччыны з 2000 да 2003 год.

Апошнія навіны