BE RU EN

У порце Санкт-Пецярбурга знайшлі амаль тону какаіну

  • 16.07.2025, 16:07

Наркотыкі знайшлі ў кантэйнеры з бананамі.

Расейскія сілавікі спынілі спробу ўвозу ў краіну 820 кг лацінаамерыканскага какаіну, паведаміла Федэральная мытная служба (ФМС). Брыкеты з наркотыкам выявілі ў порце Санкт-Пецярбурга ў кантэйнеры з бананамі. Гэта найбуйнейшая партыя какаіну, перахопленая ў гэтым годзе. Яе кошт на чорным рынку ацэньваецца на 12 млрд рублёў ($133 мільёны).

У ФМС удакладнілі, што аперацыя праводзілася пры ўдзеле ФСБ. Перад гэтым супрацоўнікі атрымалі інфармацыю «ад замежных калег» пра тое, што адна з паўднёваамерыканскіх груповак плануе арганізаваць кантрабандны канал паставак какаіну ў Расею, і таму старанна правяралі кожны груз з гэтага рэгіёну з выкарыстаннем службовых сабак.

Усяго было канфіскавана 820 брыкетаў. Распачатая крымінальная справа аб кантрабандзе наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры (пункт Б часткі 4 артыкула 229.1 КК). Максімальнае пакаранне за такое злачынства — пажыццёвае пазбаўленне волі. Гэта ўжо другі выпадак выяўлення партыі какаіну ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга за апошнія два месяцы. 14 траўня мытня затрымала 50 кг гэтага наркотыку коштам 500 млн рублёў на судне з Лацінскай Амерыкі, таксама схаванага ў кантэйнеры з бананамі.

Апошнія навіны