Зяленскі: Украіна і ЗША абмяркоўваюць мегаўгоду
- 17.07.2025, 18:41
Яна ўзмоцніць абарону абедзвюх краін.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі абмяркоўваюць магчымасць заключэння "мегаўгоды", якая можа ўзмацніць абараназдольнасць абедзвюх краін. У інтэрв'ю New York Post Зяленскі расказаў, у чым сутнасць пагаднення.
Са слоў Зяленскага, размова ідзе пра куплю ЗША ўкраінскіх дронаў, ужо выпрабаваных у баявых умовах. Узамен Кіеў гатовы закупіць у Вашынгтона ўзбраенне.
“Народу Амерыкі патрэбная гэтая тэхналогія, і яна павінна быць у вашым арсенале. Я мяркую, што гэта сапраўды мегаўгода, як той казаў, win-win (атрыманне выгады для абодвух бакоў. — Заўв.)”, — растлумачыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, найноўшыя дроны сталі ключавым элементам украінскай абароны - яны здольныя пераадольваць сотні кіламетраў, прабіваюць расейскую СПА і наносяць удары па стратэгічных аб'ектах. Толькі за апошні месяц украінскія беспілотнікі правялі серыю паспяховых аперацый, сярод якіх атака на чатыры расейскія вайсковыя аэрадромы. У выніку былі знішчаныя дзясяткі бамбавікоў. Былі і больш дакладныя ўдары, напрыклад, па заводзе СПА ў Іжэўску і па знішчальніку Су-30 у Чорным моры.
Украіна актыўна развівае ўласную вытворчасць дронаў як адказ на расейскія атакі, дзе ўсё часцей прымяняюцца беспілотнікі іранскага тыпу. Зяленскі падкрэсліў, што Кіеў гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі не толькі з ЗША, але і з шэрагам еўрапейскіх краін - перамовы ўжо ідуць з Даніяй, Нарвегіяй і Нямеччынай.
На гэтым фоне ў ЗША нарастае занепакоенасць: эксперты і прадстаўнікі Пентагона прызнаюць, што амерыканскае войска адстае ў вобласці беспілотнай вайны. Салдаты не гатовыя да канфліктаў новага тыпу, і нават падчас нядаўніх вучэнняў на Алясцы высветлілася, што многія дроны альбо не ўзлятаюць, альбо прамахваюцца. Адзін з кіраўнікоў Мінабароны заявіў, што войска ЗША не мае патрэбных тэхналогій, калі заўтра пачнецца вайна.
Новую ўгоду абмяркоўваюць на фоне рэформаў у абароннай сферы ЗША: міністр абароны Піт Хегсэт паабяцаў прыбраць бюракратычныя перашкоды, якія замінаюць вытворчасці дронаў. Ён адзначыў, што пакуль іншыя краіны наладзілі масавы выпуск танных беспілотнікаў, Амерыка губляла час, але зараз плануецца кардынальны разварот. Ужо абвешчаны кантракт з каліфарнійскай кампаніяй Neros, якая тэставала свае дроны ва Украіне і найбліжэйшым часам паставіць Кіеву шэсць тысяч апаратаў.