«Там няма чаргі наогул ніколі»
- 18.07.2025, 12:57
Беларус падзяліўся спосабам, як хутка прайсці мяжу з адной з краін ЕЗ.
У памежным чаце мужчына падзяліўся лайфхакам, як хутка прайсці мяжу Беларусі з Літвой на аўтобусе. Прычым не праз пункт пропуску «Каменны Лог», а праз «Беняконі». Паводле яго, чэргаў там няма ніколі. BGmedia расказвае, што за лайфхакі і як на яго адрэагавалі карыстальнікі чата.
Амаль усе рэйсавыя аўтобусы з Беларусі ў Літву ездзяць праз пункт пропуску «Каменны Лог» (з літоўскага боку — «Мяднікі»). Асабліва на кірунку Менск-Вільня.
Мужчына расказаў, што ў кампаніі Ecolines ёсць рэйс Менск-Рыга. Гэты аўтобус едзе праз Ліду, таму мяжу перасякае ў пункце пропуску «Беняконі» (з літоўскага боку — «Салечнікі»). А загружанасць там у апошнія тыдні ніжэйшая, чым у «Каменным Логу».
Вось так свой лайфхак апісаў мужчына:
«Ёсць маршрут у «Экалайнса» Менск-Рыга. З Менска а 23.15. Калі ўведзяце на сайце Вільню, ён не выдасць гэты рэйс, бо прыпынку ў Вільні няма, але ён праязджае праз горад. Аўтобус ідзе праз Ліду, Салечнікі. Там няма чаргі наогул ніколі. А 5 раніцы ён ужо выязджае з мяжы.
Дык вось, купляеце білет да Рыгі, ён не надта даражэйшы за Вільню, і просіце выйсці на любым прыпынку. Альбо бераце квіток да Салечнікаў за 50 еўраў і на мясцовай маршрутцы да Вільні за 5 еўраў даязджаеце. Іх там шмат ходзіць. Працоўны спосаб 100%».
Некаторыя карыстальнікі чата засумняваіся ў тым, што лайфхак працуе на 100%. З іх слоў, «Экалайнс» не спыніцца на кожным прыпынку грамадскага транспарту ў Вільні, калі папрасіць кіроўцу. Таму надзейней выйсці ў Салечніках, а адтуль ужо сваім ходам дабірацца да Вільні. Але аўтар лайфхака сцвярджае, што аўтобус спыніцца ў Вільні, калі папрасіць кіроўцу.
Таксама карыстальнікі чата адзначаюць, што затрымкі бываюць і ў літоўскім пункце пропуску «Салечнікі», асабліва калі ў кагосьці з пасажыраў знаходзяць тое, што везці нельга:
«На тыдні там 3,5 гадзіны афармлялі гарэлку [маецца на ўвазе, што ў пасажыра аўтобуса знайшлі гарэлку, за гэта яму выпісалі штраф]. Запас [часу] і там патрэбны».
«Там звычайна здымаюць з рэйса парушальнікаў».
«Наогул, варыянт выглядае прывабна, вывучаю».
«Парушальнікі значыць з цыгарэтамі, алкаголем, прадуктамі, праблемнымі дакументамі і т.д.».
«А, ну гэта ў любым пункце [пропуску] можа здарыцца. Дзякуй за наводку».
«Здымаюць, калі можна разварочваюць, калі трапіўся грамадзянін ЕЗ, будуць афармляць, а астатнія чакаць».