BE RU EN

У Расеі значна выраслі запазычанасці ў заробках

  • 2.07.2025, 12:21

Кампаніі знаходзяцца перад «экзістэнцыйным выклікам».

У Расеі пачала значна расці запазычанасць у заробках: са студзеня да сакавік гэтага года пазыкі кампаній перад супрацоўнікамі афіцыйна павялічыліся з 0,5 млрд да 1,5 млрд руб. Аднак, паводле звестак прафсаюзаў, паказчык істотна вышэйшы і дасягае 2,4 млрд руб. Гэта вынікае з даклада Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў (ВКП), з якім азнаёміліся «Известия». Звестак за другі квартал у ВКП пакуль няма, але, як вынікае з аператыўнага маніторынгу, у красавіку запазычанасць складала 911 млн руб, а ў траўні – 834 млн, піша The Moscow Times.

Сярод найбуйнейшых неаплатнікаў заробкаў у першым квартале значыцца ТАА «ДСК» з Цвярской вобласці, якое працуе ў сферы дарожнага будаўніцтва. На канец сакавіка прадпрыемства завінавацілася 3657 работнікам 608 млн руб. Таксама 65 млн руб сваім супрацоўнікам своечасова не выплаціла ТАА «Шахта «Інская» ў Кемераўскай вобласці. ТАА «Рассвет» з Тульскай вобласці, якое працуе ў сферы грамадскага харчавання, у сакавіку завінавацілася супрацоўнікам 36 млн руб. Віцэ-прэзідэнт «Апоры Расіі» Дзмітрый Пішчальнікаў адзначыў, што на канец траўня найбольшая запазычанасць у заробку была зафіксаваная ў будаўніцтве (776 млн руб.), апрацоўчай вытворчасці (200 млн) і ў сферы водазабеспячэння і ўтылізацыі адкідаў (150 млн). «У рэгіянальным размеркаванні найбольш напружаная сітуацыя фіксуецца ва Уральскай федэральнай акрузе, а таксама ў Сібірскай федэральнай акрузе. Гэта прамысловыя тэрыторыі з высокай доляй прадпрыемстваў, залежных ад пазыковых сродкаў і дзяржзаказу, што робіць іх асабліва ўразлівымі ва ўмовах жорсткай фінансавай палітыкі», - дадаў Пішчальнікаў.

Ён таксама прывёў звесткі Федэральнай інспекцыі працы, якая ў 2024 годзе зафіксавала больш за 18 тысяч зваротаў грамадзян наконт затрымак заробку, што на 37% больш, чым у 2023-м. Сёлета гэтая тэндэнцыя захавалася: толькі ў лютым колькасць зваротаў вырасла больш як у 2,3 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «Найбольшая колькасць скаргаў паступае ад супрацоўнікаў малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у тым ліку арганізацый, якія працуюць на дзяржзаказах або арыентаваных на ўнутраны лакальны рынак», – адзначыў віцэ-прэзідэнт «Апоры Расіі».

Кампаніі павялічваюць запазычанасці ў заробках, бо знаходзяцца перад «экзістэнцыйным выклікам», кажа незалежны эксперт Андрэй Бархота. «Ва ўмовах рэкорднай ключавой стаўкі штомесячная выплата ў пазыках кампаній можа вырасці на 30-70% да той, якая была 12-18 месяцаў таму. У выніку прадпрыемствы стаяць перад д'ябальскім выбарам: дапусціць затрымкі выплат заробкаў або пратэрміноўку па абслугоўванні крэдытаў. Але апошняе можа закрыць магчымасці фінансавання назаўжды паралельна са зніжэннем крэдытнага рэйтынгу. У выніку часцей прадпрыемствы вымушаныя дапускаць затрымкі з аплатай працы», - растлумачыў Бархота.

У Распрацы паведамілі, што атрымалі звесткі маніторынгу ВКП, у якім змяшчаецца інфармацыя аб арганізацыях з агульнай сумай запазычанасці блізу 2,4 млрд руб. Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што рэальны факт запазычанасці па заробку ўстанаўліваецца дзяржаўнай інспекцыяй працы падчас кантрольна-наглядных мерапрыемстваў і аналізу першасных дакументаў. За пяць месяцаў 2025 года ў выніку праверак ужо былі адноўленыя правы звыш 117 тысяч работнікаў, дадалі ў Распрацы.

Апошнія навіны