Украінскія выведнікі правялі паспяховую аперацыю на Тэндроўскай касе
- 29.07.2025, 22:43
Над востравам узвіўся ўкраінскі сцяг.
Украінскія выведнікі рэалізавалі баявую аперацыю ў паўночнай частцы Чорнага мора. Спецназаўцы высадзіліся на Тэндроўскай касе і ліквідавалі пазіцыю расейскіх акупантаў.
Пра гэта паведамляе Telegram Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны.
«У ноч на 28 ліпеня выведнікі высадзіліся на Тэндроўскай касе і ліквідавалі пазіцыю акупацыйных войскаў разам з асабовым складам, комплексам РЭБ “Зонт” і радыёлакацыйнай станцыяй “Раса”», – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначылі ў ГУВ, над востравам узвіўся ўкраінскі сцяг. Аперацыя прайшла без стратаў з украінскага боку.
«Паспяховае выкананне задачы стала магчымым дзякуючы падтрымцы партнёраў і донараў, якія далучаюцца да праекту “Катары для ГУВ”, што рэалізуецца Дабрачынным фондам Дыяны Падалянчук», – дадалі ў выведцы.
У ГУВ адзначылі, што новыя плаўсродкі – гэта дадатковыя магчымасці для спецназаўцаў дзейнічаць там, дзе іх не чакаюць.
Тэндроўская каса – гэта невялікі востраў у паўночнай частцы Чорнага мора, недалёка ад Крыма і берагоў Херсонскай вобласці.