Беларусам часова адключаць плацежныя карткі
- 5.07.2025, 12:48
Лепш загадзя падрыхтаваць грошы гатоўкай і правесці важныя плацяжы.
Кароткатэрміновыя праблемы з аперацыямі на рахунках і картах будуць у кліентаў Беларусбанка.
Найбуйнейшы банк краіны, Беларусбанк, паведамляе пра правядзенне тэхнічных працаў – яны запланаваныя на 8 ліпеня з 02.00 да 05.00.
У гэты перыяд магчымая кароткачасовая адсутнасць доступу да электронных сэрвісаў і паслуг, паведамілі ў банку.
У фінансавай арганізацыі не будуць працаваць мабільны і інтэрнэт-банкінг. Таксама магчымыя праблемы з атрыманнем гатоўкі і здзяйсненнем плацяжоў у банкаматах, атрыманнем смс-паведамленняў ад банка.
Тэхнічныя працы ў іншых банкаў
Фінансавым арганізацыям краіны трэба праводзіць тэхнічныя працы на сваіх сэрверах, наладжваць абсталяванне. Так, у МТБанка гэта адбудзецца 7 ліпеня з 05:00 да 08:00.
У гэты час могуць не працаваць анлайн-абменнік Nembo, MTBank Moby, інтэрнэт-банк «Мой банк», POS-крэдытаванне і сістэма імгненных плацяжоў.
Белгазпрамбанк тэхнічныя працы прызначыў на 8 ліпеня. У гэты дзень з 06:00 да 08:00 магчымыя кароткачасовыя перапынкі ў абслугоўванні грамадзянаў, калі яны будуць папаўняць свае ўклады ў банкаматах банка.
А з 8:15 да 8:25 кароткачасовыя перабоі могуць адбыцца ў працы мабільнага дадатку Белгазпрамбанка для грамадзянаў.