Пакістан тармозіць выкананне пагаднення аб працаўладкаванні з Беларуссю
- 5.07.2025, 15:20
Прычына – асцярогі, што мігранты будуць выкарыстоўваць Беларусь як транзіт у ЕЗ.
Пакістанскі СМІ LeadPakistan.com.pk піша, што праз два з паловай месяцы пасля падпісання пагаднення паміж Беларуссю і Пакістанам аб задзейнічанні 150000 кваліфікаваных спецыялістаў, яно па-ранейшаму практычна не рэалізуецца.
Пакістанскія чыноўнікі асцерагаюцца, што гэтае пагадненне з Беларуссю можа прывесці да новай хвалі нелегальнай міграцыі і гандлю людзьмі. Агенцтвы і ўстановы, якія процідзейнічаюць гандлю людзьмі і нелегальнай міграцыі, папярэджваюць пра рызыкі на фоне падпісанага пакістана-беларускага пагаднення аб працаўладкаванні.
Ва ўмовах ажыятажу цікавасць да паездак у Беларусь рэзка вырасла – настолькі, што консульства Беларусі ў Ісламабадзе, паводле звестак крыніцаў выдання, вымушанае было прыпыніць прыём заяваў. Тым часам у Пакістане турагенцтвы ўжо пачалі атрымліваць буйныя сумы, спаганяючы плату з ахвотных скіравацца ў Беларусь у пошуках лепшага жыцця.
«Некіравальная плынь пакістанскіх грамадзянаў у Беларусь, верагодна, тлумачыцца іх жаданнем прабрацца далей у Еўропу», – паведаміў на ўмовах ананімнасці высокапастаўлены чыноўнік міністэрства ўнутраных справаў.
Пакістанскія грамадзяне ўваходзяць у лік лідараў у спробах нелегальна прабрацца ў ЕЗ праз усходнюю мяжу.
Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой (BE&OE) не апублікавала афіцыйных інструкцый і не наладзіла каардынацыю ні з беларускімі ўладамі, ні з сертыфікаванымі Рэкрутынгавымі агенцтвамі, гаворыцца ў матэрыяле.
Тым часам адсутнасць законных структураваных каналаў працаўладкавання за мяжой штурхае людзей у роспачы на небяспечныя шляхі, мяркуюць пакістанскія журналісты.