BE RU EN

Ці ўвяла Расея дадатковыя войскі ў Арменію?

  • 6.07.2025, 12:38

Інфармацыя паступае супярэчлівая.

У Арменіі адказалі на інфармацыю Галоўнай управы выведкі Украіны аб тым, што Расея паскорыла тэмп камплектавання сваёй вайсковай базы ў гэтай краіне (прынамсі, у Гюмры) на фоне абвастрэння стасункаў з Азербайджанам. У МЗС Арменіі адпрэчылі інфармацыю ГУВ, назваўшы яе «выдуманай».

Адпаведную заяву армянскага замежнапалітычнага ведамства ў нядзелю, 6 ліпеня, распаўсюдзіла выданне «Навіны-Арменія». Там падкрэслілі, што маюць «прынцыповую пазіцыю», паводле якой тэрыторыя Арменіі не можа быць скарыстаная трэцімі дзяржавамі для ваенных дзеянняў супраць кожнай з суседніх краін.

«У адказ на выдуманыя звесткі, якія з'явіліся ў прэсе, Рэспубліка Арменія зноў пацвярджае сваю прынцыповую пазіцыю, згодна з якой тэрыторыя РА не можа выкарыстоўвацца трэцімі дзяржавамі для ажыццяўлення ваенных дзеянняў супраць кожнай з суседніх дзяржаў», – пракаментавала прэс-сакратарка МЗС Арменіі Ані Бадалян.

Адзначым, 5 ліпеня ГУВ заявіла, што Расея паскарае камплектаванне вайсковай базы ў армянскім Гюмры, каб узмацніць вайскова-палітычны ціск на краіны Паўднёвага Каўказа. У выведцы падкрэслілі, што такі крок - элемент комплекснай стратэгіі Крамля, накіраванай на дэстабілізацыю глабальнай сітуацыі бяспекі.

Апошнія навіны