На дом у Казані ўпаў «суверэнны» беспілотнік Пуціна, які распрацоўвалі 14 гадоў
- 8.07.2025, 15:19
Новыя падрабязнасці пра крушэнне БПЛА «Альтаір» пры выпрабаванні.
Раніцай 8 ліпеня ў Казані на прыватны жылы дом упаў цяжкі выведна-ўдарны дрон «Альтыус» («Альтаір»), у якога адмовіла навігацыйная сістэма падчас выпрабавальнага палёту, паведамілі прадстаўнікі кампаніі-распрацоўніцы – «Уральскага завода цывільнай авіяцыі» (УЗЦА). Першапачаткова тэлеграм-каналы пісалі, што крушэнне пацярпеў лёгкаматорны самалёт Cessna 337 Skymaster, які нібыта зачапіўся крылом за дрэва і ўпаў, паведамляе The Moscow Times.
У выніку надзвычайнага здарэння ў СНТ «Дубкі» дом, на які ўпаў дрон, загарэўся, але ніхто не пацярпеў, удакладнілі ў прэс-службе кіраўніка Татарстана Рустама Мініханава. Апарат, які рухнуў, там назвалі «цывільным» і адзначылі, што ён «страціў кіраванне» падчас навучальнага палёту.
Беспілотнік, які, паводле сцвярджэнняў распрацоўнікаў, здольны пераадолець адлегласць да 10 тысячаў км, упаў праз уздзеянне «нявызначанымі сродкамі РЭБ», паведамілі яго стваральнікі «РИА Новости». Каб зайсці на пасадку, беспілотніку давялося пайсці на другое кола, прызямленне праходзіла «ў інерцыйным рэжыме, адбылася няштатная сітуацыя», растлумачылі распрацоўнікі.
Прыволжская транспартная пракуратура пачала праверку на прадмет захавання патрабаванняў закону аб бяспецы палётаў. Паводле папярэдніх звестак, БПЛА ўпаў прыкладна за адзін кіламетр ад узлётна-пасадачнай паласы.
«Альтыус» пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2011 годзе. Тады ім займалася казанскае АКБ імя Сіманава на замову Мінабароны РФ. Праз пяць гадоў стартавалі лётныя выпрабаванні апарата, а ў 2018-м праект беспілотніка перадалі УЗЦА.
Мінабароны РФ і УЗЦА ў канцы 2019 года заключылі кантракт на распрацоўку дрона ў ягоным фінальным варыянце – «Альтыус-РУ» (выведвальна-ударны). У снежні 2021 года кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу абвясціў пра заканчэнне выпрабаванняў «Альтыуса», але не прывёў падрабязнасцяў.
«Ваенны інфарматар» піша, што дрон, які распрацоўваецца, ужо амаль 15 гадоў праходзіць «бясконцыя выпрабаванні». Ніякіх пацверджаных звестак пра ўдзел апарата ў баявых дзеяннях няма, адзначыў ён. Паводле звестак профільнага канала «Авіяінцыдэнт», з 2021 года стварылі ўсяго 4-5 выпрабавальных узораў «Альтыуса».
Паводле адкрытых крыніцаў, заяўлены размах крылаў двухрухальнага беспілотніка – 28,5 м, яго даўжыня – 11,6 м, узлётная вага – 6 тонаў. Вышыня палёту складае 12 тысячаў метраў, а далёкасць – да 10 тысячаў км. «Альтыус» можа знаходзіцца ў паветры да 48 гадзінаў і несці карысную нагрузку больш за адну тону.