BE RU EN

Беларуска заплаціла 37 000 рублёў за аўто, а атрымала толькі фота

  • 8.07.2025, 16:02

Жыхарка Салігорска трапілася на кручок ашуканцаў.

Жыхарка Салігорска трапілася на кручок ашуканцаў: заплаціла за электрычны красовер з Кітая «пад ключ» у Менску, а ў выніку засталася без грошай і без машыны.

– У абмен на 37 374 беларускія рублі ахвяры падабралі прывабны варыянт, даслалі падрабязную фотасправаздачу пра аўтамабіль і нават заключылі дамову. На гэтым сэрвіс і скончыўся – аўтамабіль гараджанцы чакаць не варта, – канстатуе тэлеграм-канал «Міліцыя Меншчыны».

У Салігорскім РАУС нагадалі, што ахвярай ашуканцаў можна стаць не толькі пры продажы і набыцці тавару праз інтэрнэт, але і на віртуальных «аўтарынках». Схема працуе так: у інтэрнэце размяшчаецца аб'ява аб продажы аўтамабіля або матацыкла з прывабным коштам і ў тых, хто звярнуўся, выманьваецца перадаплата на карту. Нагоды могуць быць розныя.

– Зносіны часцей за ўсё адбываюцца праз мэсэнджар, зламыснікі могуць высылаць фота пашпартоў і нават фота грамадзянаў, за якіх выдаюцца сябе, з пашпартамі – высланым фота верыць нельга, – папярэджвае міліцыя. – Любыя «авансы» і «перадаплаты» ў сетцы інтэрнэт – вельмі рызыкоўны занятак: шанец быць падманутым надзвычай вялікі. Заніжаны ці вельмі выгодны кошт часта бывае толькі прынадай.

Апошнія навіны