BE RU EN

Купі казу

  • 8.07.2025, 18:37

Пра новыя захапленні Лукашэнкі.

Лукашэнка запатрабаваў да 1 верасня ліквідаваць буралом: "прыбраць бярвенне, якое валяецца на ўскрайку лесу", каб не дапусціць страт каштоўнай драўніны. Праблему ён убачыў падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць. А яшчэ ён убачыў магчымасці для шматпакутнай эканомікі рэгіёна. Гэта развядзенне коз, піша planbmedia.io.

Ламачча для народа

“Гэта што за безгаспадарлівасць? Вывезлі лес і кінулі, - абурыўся Лукашэнка. — Каб да 1 верасня па краіне не было ніводнага бервяна, якое валяецца на ўскрайку лесу”.

А каб драўніна не згніла, Лукашэнка даручыў перадаваць павалены лес насельніцтву.

Акрамя драўніны ён пагрузіўся ў праблемы гадоўлі племянных коз. І нават атрымаў у падарунак двух козачак.

Прадай казу

У 2021 годзе ў Беларусі пачалі працу ў стварэнні племяннога завода. Для гэтага ў Беларусь былі завезеныя 350 козачак і 20 казлоў зааненскай і альпійскай парод. Мэта праекта - імпартазамяшчэнне племянной прадукцыі коз, а таксама экспарт новага віду племпрадукцыі. Ужо былі продажы ва Узбекістан, ёсць заяўкі з Расеі.

Лукашэнка запатрабаваў хутчэй разгортвацца.

“А чаму не займацца гэтым, чаму не інтэнсіфікаваць працэс? Гэта добрая справа, перспектыўная, попыт ёсць», - падкрэсліў ён.

І пагалоўе Лукашэнка патрабуе павялічваць найхутчэй. “Павінна быць падваенне (да сярэдзіны 2026 года). пакуль ёсць попыт. Вось яны, жывыя грошы”, - сказаў ён.

“Трэба ісці максімальна. Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак”, - запатрабаваў Лукашэнка. Ён адзначыў, што гэта датычыцца не толькі гадоўлі козаў, але і іншых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. “Мы панаплявальніцку ставімся да сельскай гаспадаркі — упіваемся, што ў нас усяго хапае і амаль на 7 млрд. даляраў мы прадаем. А руху далей няма. Вось як тут, - сказаў ён. — Справа так далей не рушыцца, калі мы ні хістка ні валка працуем”.

Зрэшты,у гадоўлі козаў праблемы выявіліся ўжо ў кадравым пытанні. На Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве пакуль няма гендырэктара, пасля таго як папярэдні кіраўнік перайшоў на пасаду старшыні Горацкага райвыканкама.

Лукашэнка прадэгуставаў казінае малако і сыры з яго. «Выдатнае малако. І дзеткам гэта вельмі важна, - сказаў ён. - Сілкаванне - гэта першым чынам псіхалогія. Трэба ўлезці чалавеку ў галаву з гэтым сырам. І давесці яму, што гэта вельмі карысна».

А як жа авечкагадоўля?

Гадоўля козаў - не першая спроба Лукашэнкі зарабіць ў нетрадыцыйных галінах. Увесну 2012 года ён запатрабаваў у сціслыя тэрміны падрыхтаваць план развіцця авечкагадоўлі.

Тады палічылі: для поўнай загрузкі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці спатрэбіцца прыкладна 5 тысяч тон воўны. Для гэтага неабходна 1,5 мільёна авечак. Але ў Мінсельгасхарчы заявілі, што прамысловай авечкагадоўлі ў краіне практычна няма.

Газета "Беларусь сегодня" пісала, што ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі было 400 тысяч авечак, у асноўным займаліся поўсцю. Але пасля развалу Саюза ў гаспадарак, якія гадавалі авечак, узнікла праблема з яе рэалізацыяй. Таму ў пачатку 90-х пагалоўе зменшылася ў 8 разоў.

Як развівалася галіна пасля даручэння прэзідэнта ў 2012 годзе? Была распрацаваная Рэспубліканская праграма развіцця авечкагадоўлі на 2013-2015 гады. Яе мэта - давесці колькасць авечак да 100 тысяч, атрымліваць у год 260 тон воўны і 1,5 тысячы тон мяса жывой вагой.

За 2013—2017 гады з-за мяжы завезена амаль 3 тысячы галоў розных парод. Створана 14 племянных гаспадарак. Да канца 2015-га ў Беларусі налічвалася толькі 84 тысячы галоў і паводле вынікаў 2017 года ўдалося выйсці на зададзеныя 100 тысяч. У 2018-м годзе пагалоўе ўпала да 87 тысяч. Да пачатку 2026 года пагалоўе авечак зноў плануюць павялічыць - да 170 тысяч.

У 2019-м годзе газета “Беларусь сегодня” канстатавала: “Першае, воўны ў Беларусі вырабляецца не проста мала, а мізэрна . Другое, у нас пераважаюць мясныя пароды авечак, іх поўсць грубая і не заўсёды падыходзіць для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, якія арыентуюцца на запатрабаванні рынка”. Выйсце суразмоўца выдання бачыць у стварэнні айчыннай пароды авечак, якая была б прыстасаваная да нашага клімату і з поўсцю высокай якасці. Але гэта задача на дзесяцігоддзе.

А раптам козы ўдадуцца?

Апошнія навіны