УСУ вызвалілі Новамікалаеўку
- 9.07.2025, 7:45
Украінскія сілы рушылі наперад у Сумскай вобласці.
Украінскія сілы нядаўна рушылі наперад на поўначы Сумскай вобласці падчас серыі контратак. Кадры з геалакацыяй ад 8 ліпеня паказалі прасоўванне УСУ ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частках Кандратаўкі.
Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны апісалі сітуацыю на Сумшчыне за мінулыя суткі.
Так, украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец паведаміў, што ўкраінскія сілы прасунуліся паміж Кандратаўкай і Канстанцінаўкай, на ўсход ад Аляксееўкі, і ўвайшлі ў Новамікалаеўку.
Расейскія ваенкары заяўляюць, што 8 ліпеня УСУ ўвайшлі ў Кандратаўку з паўночнага захаду, а ў Аляксееўку – з паўночнага ўсходу.
Адзін з Z-паблікаў сцвярджае, што ўкраінскія сілы ўжо знаходзяцца ў паўночнай і цэнтральнай частках Кандратаўкі.
Такім чынам, атрымалася адрэзаць войска Пуціна ад наземнай лініі забеспячэння ўздоўж трасы С-191502 Новамікалаеўка – Уладзіміраўка.
Каб падтрымаць адыход сваіх войскаў з Кандратаўкі, Крэмль перакінуў на гэты адрэзак фронту падраздзяленні 40-й брыгады марской пяхоты УС РФ.
Цяжкая сітуацыя і ў акупантаў са 155-й брыгады марской пяхоты, якія спрабуюць утрымаць пад кантролем пазіцыі на поўдзень ад Аляксееўкі.
Аналітыкі пішуць, што наступ УС РФ на Сумшчыне замарудзіўся ў канцы траўня і пачатку чэрвеня. З сярэдзіны чэрвеня УСУ перайшлі да контратакаў, вяртаючы сабе тэрыторыю за тэрыторыяй.
Галоўны камандзір УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што на Слабажанскім кірунку баі застаюцца інтэнсіўнымі: украінскія сілы не толькі ўтрымліваюць свае пазіцыі, але і вядуць баі на Куршчыне і ў Белгародскай вобласці.
Менавіта ў траўні і чэрвені Мінабароны РФ пастанавіла перакінуць свае элітныя падраздзяленні беспілотных сістэмаў з Куршчыны і Сумшчыны на Данбас. Аднак Расея таксама можа ўзмацніць свае перадавыя часткі на поўначы Сумскай вобласці ў найбліжэйшай будучыні, каб прадоўжыць прасоўванне ў кірунку горада Сумы.