На колькі беларускім бацькам абыдзецца падрыхтоўка да навучальнага года?
- 9.07.2025, 11:19
Школьныя кірмашы хутка адкрыюцца.
У Менску – спякотнае лета, але сталічныя ўнівермагі ўжо «пераключаюцца» на школьны рэжым. З сярэдзіны ліпеня тут стартуюць традыцыйныя кірмашы, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны» са спасылкай на прадпрыемства «Сталічны гандаль і паслугі».
Бацькоў чакаюць вітрыны з формай, заплечнікамі, асадкамі, пеналамі – увогуле ўсім, без чаго 1 верасня не наступіць.
Колькі каштуе сабраць школьніка?
Паводле звестак арганізатараў, мінімальны набор для малодшакласніка – ад абутку да канцылярыі – абыдзецца ад 336 да 1129 рублёў.
Калі гаворка ідзе пра падлетка – рыхтуйцеся выкласці ад 414 да 1386 рублёў. Мабыць, з кожным навучальным годам не толькі нагрузка на дзяцей расце, але і кошт школьнага «апгрэйду».
Нагадаем, што ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2025 г. № 72 для навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі ўстаноўлены справавы стыль адзення, згодна з якім вызначаныя элементы гардэробу, дапушчальныя ва ўстановах.
Так, у камплект адзення справавога стылю для хлопчыка ўваходзяць пінжак, камізэлька, штаны, кашуля з кароткім і доўгім рукавамі, джэмпер (гольф), гальштук. Дзяўчынкі змогуць насіць у школу пінжак, камізэльку, спадніцу, штаны, блузку з кароткімі і доўгімі рукавамі, джэмпер (гольф), сарафан і сукенку. У зімовы час гардэроб навучэнцаў можна ўцяпліць трыкатажным швэдрам.