Зяленскі сустрэўся з Папам Рымскім
- 9.07.2025, 17:24
Ключавой тэмай іх сустрэчы стала развязаная РФ вайна супраць Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 9 ліпеня сустрэўся з Папам Рымскім Львом XIV у рэзідэнцыі пантыфіка Кастэль-Гандольфа каля Рыма.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Апостальскай Сталіцы, інфармуе «Еўрапейская праўда».
Перад аўдыенцыяй у Папы Зяленскі падзякаваў Льву XIV за тое, што той пагадзіўся прыняць яго.
Як адзначыў украінскі прэзідэнт, ключавой тэмай іх сустрэчы стала развязаная РФ вайна супраць Украіны.
- Вядома, мы хочам, каб гэтая вайна скончылася, і, вядома, мы вельмі разлічваем на Ватыкан, на тое, што Ватыкан і Яго Святасць дапамогуць нам з месцам для сустрэчы на высокім узроўні, каб пакласці канец гэтай вайне, - сказаў Зяленскі.
Ён таксама выказаў надзею на садзейнічанне Ватыкана ў вяртанні ўкраінскіх дзяцей, якія былі выкрадзеныя РФ.
Як зазначаецца ў паведамленні прэс-службы Апостальскай Сталіцы пасля сустрэчы Зяленскага і Льва XIV, яны абмеркавалі вайну і неабходнасць пошуку працяглых і справядлівых шляхоў да міру.
Пантыфік зноў пацвердзіў гатоўнасць прыняць прадстаўнікоў Расеі і Украіны ў Ватыкане для перамоў.