Бангладэш адмовіўся выдаваць Менску беларуса
- 9.07.2025, 20:36
Беларускі грамадзянін асуджаны ў гэтай краіне да пажыццёвага.
Дака не выдасць Менску беларуса, асуджанага ў Бангладэшы да пажыццёвага зняволення ў справе аб забойстве. Аб адмове дарадца ва ўнутраных справах бангладэшскага часовага ўрада Джахангір Алам Чаўдхуры заявіў 9 ліпеня на сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Індыі (у Бангладэшы сумяшчаецца) Міхаілам Касько, паведаміў «Позiрк».
Прадстаўнік урада Бангладэша патлумачыў пастанову тым, што справа знаходзіцца на разглядзе ў Высокім судзе (адна з палат Вярхоўнага суда) і паміж Дака і Менскам няма пагаднення ў выдачы асуджаных.
Чаўдхуры адзначыў, што ў Беларусі добрыя адносіны з Бангладэшам. "Але злачынец застаецца злачынцам незалежна ад краіны", - сказаў ён і дадаў, што Дака “будзе максімальна садзейнічаць ў гэтым пытанні".