BE RU EN

Дроны атакавалі ключавую станцыю нафтаправода «Дружба» ў РФ

  • 13.08.2025, 7:42

Другі раз за тыдзень.

Уночы з 12 на 13 жніўня дроны атакавалі расейскія рэгіёны Бранскую і Валгаградскую вобласці. У абодвух рэгіёнах пад ударам, папярэдне, апынуліся аб'екты нафтаперапрацоўчай прамысловасці Расеі.

У Бранскай вобласці ўдары беспілотнікаў былі накіраваныя па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛПДС) «Унеча» нафтаправода «Дружба», што ў вёсцы Высокае. Пра начныя выбухі ў Расеі паведаміла мясцовае медыя Astra.

«Жыхары Бранскай вобласці паведамляюць, што ўночы на 13 жніўня дроны зноў атакуюць горад Унеча і раён. Сцвярджаецца, што мэтай атакі зноў стала лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя «Унеча» ў вёсцы Высокае ва Унецкім раёне», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама ў сеціве паказалі кадры начной атакі па Бранскай вобласці. На відэароліку, які нібыта зняты з месца падзей, відаць зарыва ў небе.

Губернатар Бранскай вобласці паведаміў, што над рэгіёнам уночы было нібыта знішчана 12 ударных беспілотнікаў.

«Аператыўныя і экстранныя службы працуюць на месцах», - адзначыла мясцовая ўлада.

За гэты тыдзень гэта ўжо другая атака па нафтаправодзе, падкрэслілі ў расейскіх медыя. Першая адбылася ўночы 6 жніўня, пасля чаго густы чорны дым падняўся над рэгіёнам. Тады, як сцвярджаюць расейскія СМІ, прынамсі адзін ўдарны беспілотнік трапіў па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Унеча».

Адзначаецца, што ЛПДС «Унеча» ў Бранскай вобласці — адзін з найбуйнейшых вузлоў магістральнай сеткі нафтаправодаў «Дружба».

Выбухі ў Валгаградскай вобласці Расеі

Атака па расейскіх рэгіёнах доўжылася блізу дзве гадзіны. «Расавіяцыя» паведаміла, што аэрапорт у Валгаградзе прыпыніў працу праз пагрозу ўдарных БПЛА.

А 03:00 гадзіне жыхары Валгаграда паведамілі пра выбухі. Губернатар рэгіёну заявіў пра падзенне абломкаў БпЛА на дах 16-павярховага дома, праз што расейцы абвясцілі пра эвакуацыю жыхароў.

Пра выбухі, са звестак расейскіх СМІ, таксама паведамілі жыхары Чырвонаармейскага раёна Валгаграда. Іх чулі ў раёне нафтаперапрацоўчага завода, які належыць «Лукойлу».

Апошнія навіны