BE RU EN

Як працоўныя ўпершыню напалохалі Лукашэнку

  • 17.08.2025, 22:15

Гісторыя рэзананснага страйку беларускага метро.

Трыццаць гадоў таму прайшоў страйк супрацоўнікаў Менскага метрапалітэна, які ўпершыню ў гісторыі постсавецкай Беларусі быў жорстка задушаны сілавымі метадамі. «Салідарнасць» прыгадвае, як улады пачалі пераходзіць ад перамоваў да дубінак.

17 жніўня 1995 года на некаторых станцыях Менскага метро з'явіліся аб'явы – «Станцыя зачыненая з тэхнічных прычынаў», а рух цягнікоў на адной з ліній быў амаль паралізаваны.

Так гараджане даведаліся пра страйк, які стаў вынікам канфлікту паміж супрацоўнікамі і адміністрацыяй Менскага метрапалітэна: на распараджэнне тагачаснага дырэктара Уладзіміра Набежкі былі скасаваныя надбаўкі за безаварыйную працу і зрэзаныя прэміі.

Прафзвязы заявілі, што гэтыя пастановы парушаюць умовы калектыўнай дамовы, і запатрабавалі ад адміністрацыі пачаць перамовы. Але кіраўніцтва метрапалітэна адмовілася выконваць патрабаванні, і на сходзе супрацоўнікаў – сябраў Свабоднага прафзвязу – была прынятая пастанова аб правядзенні страйку.

Яе планавалі ў ліпені, аднак потым адклалі – у надзеі ўсё ж дабіцца выканання ўмоваў калектыўнай дамовы шляхам дыялогу. Які так і не адбыўся.

У жніўні пачаліся страйкі ў Гомелі і Менску – пратэставалі кіроўцы тралейбусных паркаў, патрабуючы пагасіць запазычанасць у заробку.

17 жніўня да іх далучыліся супрацоўнікі Менскага метрапалітэна.

Аднак улады ўжо 18 жніўня пагасілі запазычанасць перад кіроўцамі тралейбусаў і тыя вярнуліся да працы.

А страйку ў метро быў прапанаваны кароткі дыялог – з супрацоўнікамі АМАПу, унутраных войскаў і міліцыі.

Адзін з непасрэдных сведкаў тых падзеяў на ўмовах ананімнасці расказаў «Салідарнасці», што сілавы ўціск страйку стаў шокам для ўсіх яго ўдзельнікаў, у тым ліку для лідараў іншых прафзвязаў.

– Ніхто не чакаў такой рэакцыі ад нядаўна абранага прэзідэнта. Дарэчы, першы званочак прагучаў у красавіку таго ж года, калі невядомыя супрацоўнікі сілавых органаў збілі і вывезлі з Вярхоўнага Савету 19 дэпутатаў ад парламенцкай фракцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку праз нязгоду з рэферэндумам, ініцыяваным Лукашэнкам.

Раней у дачыненні да прафзвязаў і працоўных гвалт ніколі не ўжываўся – у пачатку 1990-х падчас некаторых страйкаў, напрыклад шахцёраў у Салігорску, з боку праваахоўных структураў гучалі толькі пагрозы.

Метрапалітэнаўцы ж адчулі ўсё – «маскі-шоу», стрэлы ў паветра з крыкамі «Усім легчы, тварам у падлогу!» І, вядома, гэта было шокам, таму што мы тады думалі, што ў нас усё ж дэмакратычная дзяржава.

Як расказваў кіраўнік першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафзвязу на ААТ «Беларуськалій» Мікалай Новік, ён з таварышамі прыехаў у Менск у першыя дні страйку, каб падтрымаць транспартнікаў.

Калі яны зайшлі ў офіс Свабоднага прафзвязу Беларускага, які тады ўзначальваў Генадзь Быкаў, то ўбачылі, што там сядзяць супрацоўнікі сілавых установаў, а Генадзь не можа пры іх свабодна гаварыць, бо яны назіраюць за ім і ўсё фіксуюць – хто прыходзіць, што гучыць і г.д.

Тады салігорскія шахцёры былі гатовыя падтрымаць страйкоўцаў, а ў выпадку ўжывання гвалту – спыніць працу шахтаў. Кіроўцы Салігорскага аўтапарку таксама падтрымалі патрабаванні менскіх супрацоўнікаў метро.

Калі Мікалай Новік выйшаў з будынка і падышоў да мікрааўтобуса, на якім прыехаў з Салігорску, то ўбачыў прастрэленыя колы.

Акрамя таго, шок выклікала і, у сутнасці, выкраданне прафзвязных лідараў Мікалая Канаха, Уладзіміра Макарчука і Генадзя Быкава. Тады сваякі доўгі час не маглі даведацца, дзе яны знаходзяцца.

Улады не задумваліся, што непавага да чалавека працы можа стаць ключавой у любым працоўным канфлікце. У сутнасці страйк метрапалітэнаўцаў стаў вынікам непавагі да калектыўнай дамовы і яе выканання.

Што не перашкодзіла Лукашэнку ў 1995 годзе заявіць на тэлевізіі, што акцыю каардынавалі «нацыяналістычныя сілы» на чале з Беларускім Народным Фронтам, а Свабодны прафзвяз Беларускі нібыта разам з польскімі і амерыканскімі прафзвязамі ўсё спланавалі.

Як быў задушаны страйк: спачатку былі ўгаворы вярнуцца да працы, потым пайшлі пагрозы звальненнямі, пасля прыбылі амапаўцы і пачаліся разгоны акцый, а следам – пайшлі звальненні.

А яшчэ напрыканцы страйку ўлады сабралі штрэйкбрэхераў – чыгуначных машыністаў з усёй Беларусі, а таксама прывезлі інструктараў з Расеі.

21 жніўня 1995 года ўказам Лукашэнкі была прыпыненая дзейнасць Свабоднага прафзвязу Беларускага і першаснай арганізацыі Менскага метрапалітэна прафзвязу чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, які ўваходзіў у Федэрацыю прафзвязаў Беларусі (праз два гады было прызнана, што ўказ страціў сілу, і дзейнасць абедзвюх арганізацый аднавілася).

На судах прафзвязныя лідары Генадзь Быкаў і Мікалай Канах атрымалі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзімір Макарчук – 15 сутак.

Да гэтага часу невядомая дакладная колькасць звольненых супрацоўнікаў метро – паводле розных крыніцаў называецца колькасць ад 16 да 58 чалавек.

Тады ж узнікла першая справа Міжнароднай арганізацыі працы супраць Беларусі праз парушэнні базавых Канвенцый у сувязі з забаронай дзейнасці прафзвязаў. Скаргу ініцыяваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў, а не ФПБ, хоць страты былі нанесеныя абедзвюм структурам.

І ўсё ж, праз шмат гадоў, тыя часы ў гісторыі краіны ўспрымаюцца даволі «вегетарыянскімі» – да 30-годдзя падзей у Менскім метро ўлады канчаткова расправіліся з незалежнымі прафзвязамі, ліквідаваўшы іх і адправіўшы ў турму многіх лідараў і актывістаў.

Апошнія навіны