BE RU EN

«Народ у шоку, дзе бензін?»

  • 20.08.2025, 22:25

У Расеі кіламетровыя чэргі на запраўках, паліва на АЗС няма.

У Расеі бензін літаральна знікае з заправак - расейскія кіроўцы становяцца ў кіламетровыя чэргі, а там, дзе паліва яшчэ засталося, кошты хутка растуць, піша «Дыялог.UA».

Расею накрывае маштабны паліўны крызіс: бензін і дызель літаральна знікаюць з заправак. Расейскія СМІ паведамляюць пра чэргі на запраўках, паніку кіроўцаў і лаянку ў сацсетках. Асабліва цяжкая сітуацыя ў Прыморскім і Хабараўскам краях: на АЗС становяцца кіламетровыя пробкі, кіроўцы возяць з сабой каністры, а на федэральных трасах затрымліваюцца нават турысты.

Сітуацыя пагаршаецца ўсюды: ад акупаванага Крыма і АРДЛА да Уладзівастока. Кіраўнік акупацыйнай расейскай адміністрацыі ў Крыме Аксёнаў ужо заявіў, што гэта як мінімум на месяц.

«Народ у шоку, дзе бензін?» - пішуць мясцовыя жыхары. З іх слоў, паліва на альтэрнатыўных запраўках скончылася, а на буйных берагуць «на крайні выпадак». Сітуацыю пагаршае манаполія і зрыў паставак.

Украіна б'е ў балючае месца РФ

На фоне масаваных удараў украінскіх дронаў па расейскіх НПЗ, частка заводаў спыненая або часткова разбураная. Нават у акупаваным Крыме прызналі, што не спраўляюцца: дэфіцыт выкліканы скарачэннем вытворчасці і праваламі ў лагістыцы, бо бензін туды дастаўляецца ў асноўным аўтатранспартам. У Забайкаллі ўжо ўвялі продаж паліва па талонах.

Між тым на біржы ўстаноўлены новы рэкорд: кошт АІ-95 прабіў адзнаку 81 337 рублёў за тону. Імклівы дэфіцыт бензіну і рост коштаў б'юць па ўсёй эканоміцы: даражэе лагістыка, падаюць аб'ёмы грузаперавозак, расце інфляцыя. Расея сутыкаецца з паліўным крызісам, які можа абярнуцца поўным прыпыненнем дзейнасці рэгіёнаў.

Апошнія навіны