Дзесяць украінскіх зорак, якія ваююць у складзе УСУ
- 24.08.2025, 14:48
Нямала знакамітасцяў не пабаяліся прамяняць сцэну на поле бою.
Сёння, 24 жніўня, украінцы святкуюць важнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці. Роўна 34 гады таму Украіна стала самастойнай дзяржавай, што, як бачым, дагэтуль не дае спакою краіне-агрэсарцы Расеі, таму яна развязала жорсткую вайну. 24 лютага 2022-га вялікая колькасць украінцаў пастанавіла кардынальна змяніць свае жыцці і ўзяць у рукі зброю. Выключэннем не сталі і зоркі шоў-бізнэсу.
Нямала знакамітасцяў не пабаяліся прамяняць сцэну на полі бою, таму мабілізаваліся ў шэрагі УСУ і бароняць незалежнасць Радзімы. «Обозреватель» раскажа пра дзесяць зорных мужчын, якія абараняюць Украіну ад акупантаў.
Ігар Ластачкін
19 лютага 2025 года зорка «Квартала 95» паведаміў прыхільнікам, што папоўніў шэрагі Узброеных сіл Украіны. Ён апублікаваў фатаграфію са зброяй і сваім вайсковым білетам.
Вядома, што Ігар Ластачкін стаў часткай 93-й асобнай механізаванай брыгады «Халодны яр». Ён з пабрацімамі выконвае заданні на Данбасе.
Даніэль Салем
Тэлевядоўца і актор добраахвотна стаў на абарону Украіны з першых дзён поўнамаштабнай вайны. Ён праходзіць службу ў выведвальна- дыверсійным падраздзяленні «12 сяброў Аўшэна» і мае пазыўны «Соер». Даніэль Салем цалкам аддаўся вайсковай справе, таму закрыў свае паспяховыя рэстарацыі ў Адэсе. Аднак усё ж знакамітасць спрабуе знаходзіць час для ўдзелу ў стварэнні розных праектаў, каб падтрымліваць псіхалагічную раўнавагу.
Тамерлан
Пасля пачатку вялікай вайны спявак далучыўся да тэрабароны, а з часам папоўніў шэрагі УСУ. Тамерлан не хоча раскрываць, чым менавіта займаецца ў войску, толькі адзначаў, што яго дзейнасць звязаная з аэравыведкай.
Аляксандр Ярмак
YARMAK стаў адным з першых айчынных артыстаў, якія пасля 24 лютага 2022 спынілі канцэртную дзейнасць. Ён добраахвотнікам мабілізаваўся ў войска. Нядаўна рэпер раскрыў, што цяпер камандуе тэхналагічным падраздзяленнем DARKNODE ў складзе 412-га палка Nemesis Сіл беспілотных сістэм УСУ, якое займаецца процідзеяннем варожым дронам і тэхнічным забеспячэннем аэравыведкі. Дарэчы, цягам усяго перыяду службы YARMAK неаднаразова падкрэсліваў важнасць культурнага «фронту».
Гарык Бірча
Пасля 24 лютага 2022 года адмовіўся ад звыклага ладу жыцця і Гарык Бірча. Актор далучыўся да шэрагаў УСУ, а зараз служыць у 10-м Асобным штурмавым палку, байцы якога выконваюць задачы на Куршчыне. Ён даволі рэдка з'яўляецца на публіцы, а да творчай кар'еры плануе вярнуцца, калі на Радзіме настане мір.
Уладзімір Рашчук
Актор пачаў змагацца за незалежнасць роднай краіны з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання. Ён пайшоў на вайну добраахвотнікам, а зараз з'яўляецца афіцэрам кіравання батальёнам «Свабода» Нацыянальнай гвардыі Украіны. Ён удзельнічаў у баях за Севераданецк, падчас якіх атрымаў раненні і кантузіі.
Дзмітрый Дзікусар
Больш за тры гады служыць у шэрагах УСУ і танцоўшчык Дзмітрый Дзікусар. Знакамітасць не раскрывае падрабязнасцяў аб тым, чым менавіта займаецца на фронце і даволі рэдка выходзіць на сувязь з прыхільнікамі.
Аляксей Трыценка
Далучыўся да войска з пачатку поўнамаштабнай вайны і актор Аляксей Трыценка, аднак спачатку хаваў гэтую інфармацыю. Афіцыйна аб сваёй мабілізацыі зорка паведаміла ў пачатку 2024 года. Трыценка далучыўся да 206-га асобнага батальёна тэрытарыяльнай абароны. Зараз Трыценка праходзіць службу ў складзе 112-й асобнай брыгады ТРА УСУ, а яго званне - малодшы сяржант.
Алег Сянцоў
Рэжысёр публічна заявіў, што стаў на абарону Радзімы ад ворагаў 14 сакавіка 2022 года. Спачатку ён праходзіў службу ў складзе 47-й асобнай механізаванай брыгады «Магура» як камандзір узвода, а пазней пайшоў на павышэнне - стаў камандзірам штурмавой роты. Алег Сянцоў неаднаразова браў удзел у разлютаваных баях на самых гарачых накірунках, падчас якіх атрымліваў раненні.
Сяргей Чыркоў
Удзельнік «Падпольнага стэндапа» прыняў пастанову мабілізавацца ў шэрагі УСУ летась. Ён служыць у 412-м асобным палку беспілотных сістэм NEMESIS. Задача Сяргея Чыркова ў войску палягае ў аналізе, назапашванні і сістэматызацыі інфармацыі.