«Штутгарт» прадставіў юбілейную форму, якая спадабаецца беларусам
- 27.08.2025, 20:57
ФОТАФАКТ.
Нямецкі футбольны клуб "Штутгарт" прадставіў форму да 100-годдзя клуба. Футболка "Штутгарта" спалучае ў сабе знакавы элемент клуба: традыцыйную чырвоную нагрудную паласу.
Як адзначае “Трыбуна”, форма спадабаецца беларусам, паколькі супадае з нацыянальнымі колерамі нашай краіны.
Адзначым, у “Штутгарце” гулялі вядомыя беларускія футбалісты браты Глебы. Аляксандр і яго малодшы брат Вячаслаў у 2000 годзе з'ехалі ў Нямеччыну гуляць у Бундэслізе. Іх кантракты былі выкупленыя "Штутгартам" за 150 000 еўраў. Аляксандр дэбютаваў у Бундэслізе 5 верасня 2000 года ў выязным матчы супраць “Кайзерслаўтэрна”, выйшаўшы на замену за 20 хвілін да канца матчу. У свой першы сезон за “Штутгарт” Глеб выйшаў на поле ўсяго ў 6-ці матчах, а ўжо ў наступным сезоне стаў адным з ключавых гульцоў каманды.
У сезоне 2002/03 “Штутгарт” заняў у Бундэслізе другое месца і трапіў у Лігу чэмпіёнаў, дзе перамог каманду “Манчэстар Юнайтэд", а Глеб стаў плэймэйкерам каманды. Аднак затым галоўны трэнер "Штутгарта" Фелікс Магат пакінуў клуб і ўзначаліў “Баерн” летам 2004 года, і ў наступным сезоне «Штутгарт» заняў толькі пятае месца. Глеб стаў найлепшым асістэнтам Бундэслігі сезона 2004/05.