Ціханоўская пацвердзіла, што ўзяла €15 тысяч ад беларускіх спецслужбаў
- 7.08.2025, 12:43
Грошы яна захоўвала пяць гадоў і нікому пра іх не расказвала.
У эфіры Беларускага прапагандысцкага канала АНТ паказалі відэа, дзе начальнік аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры адміністрацыі Лукашэнкі генерал-маёр Андрэй Паўлючэнка перадаў Святлане Ціханоўскай канверт з грашыма.
Падзеі на відэа адбываюцца 10 жніўня 2020 года ў Менску. Пасля размовы ў будынку ЦВК, у якім Ціханоўская запісала зварот з заклікам да беларусаў спыніць пратэсты, яна паехала з начальнікам ААЦ Паўлючэнкам да сябе дадому. Далей дзяржаўная ТВ паказвае кадры схаванай здымкі. На іх лукашэнкаўскі генерал перадае Ціханоўскай канверт з грашыма.
ВІДЭА ЦІХАНОЎСКАЙ, ЗАПІСАНАЕ Ў ЦВК БЕЛАРУСІ ДЛЯ БТ
«Вось грошы, якія вы прасілі. Калі нешта, то можаце заўсёды звярнуцца ў наша пасольства, мы дапаможам. Святлана, схавайце грошы, зараз прыедзе Маша (Марыя Мароз - кіраўніца выбарчага штаба Ціханоўскай)», - кажа генерал.
Пасля гэтага Ціханоўская ўзяла канверт і пераклала на падаконне, прыкрыўшы ручніком. Пазней у кватэры з'яўляецца Марыя Мароз, Паўлючэнка звяртаецца да яе проста «Маша».
Ціханоўская і Мароз сабралі рэчы і выйшлі з кватэры. Затым у сюжэце АНТ паказалі кадры, як аўтамабіль перасякае мяжу Беларусі і Літвы.
Сама Ціханоўская ў каментары для «Зеркало» пацвердзіла, што ўзяла грошы ў кіраўніка ААЦ, аднак кажа, што «не прасіла іх і не адкрывала канверт да выхаду фільма». У канверце, з ейных слоў, было €15 тысяч.
«Я ніколі не прасіла мяне вывозіць і не збіралася нікуды з'язджаць», - сказала яна.
«Я тады знаходзілася пад велізарным эмацыйным ціскам. Я не была да такога гатовая і не ведала, як паводзіць сябе ў падобных сітуацыях. Пра гэты канверт я не расказвала, бо мне было сорамна, што ён у мяне апынуўся», — патлумачыла Ціханоўская.
Адзначым, Святлана Ціханоўская амаль пяць гадоў адмаўлялася каментаваць гісторыю з перададзенымі ёй грашыма, агучаную Лукашэнкам 9 кастрычніка 2020 года. У інтэрв'ю блогеру Мікіту Мелказёраву 2 жніўня 2025 года на пытанне, ці брала яна грошы ад беларускіх спецслужбаў, Ціханоўская адказала, што раскажа пра гэта толькі «пасля перамен».
Раней у інтэрв'ю BBC 4 чэрвеня 2025 года Ціханоўская раскавзала: умовай таго, што беларускія ўлады дадуць ёй выехаць з Беларусі, быў запіс відэа на БТ пра тое, што людзям не трэба выходзіць на вуліцы, каб «не пралілася кроў».
«Мне далі 20 хвілін сабрацца. Я ўзяла толькі маленькі заплечнік з дакументамі. Нас адвезлі да мяжы. Я не магла паверыць, што мяне ўжо няма ў краіне. Я адразу запісала відэа: «Я выехала з краіны. Мне вельмі шкада». Шчыра кажучы, я была ўпэўненая, што людзі ўсё спыняць. Што яны мяне падтрымаюць. Я адчувала сябе здрадніцай», - сказала яна.
ВІДЭА ЦІХАНОЎСКАЙ, ЗАПІСАНАЕ ПАСЛЯ ВЫЕЗДУ Ў ЛІТВУ
Пра тое, чаму 10 жніўня 2020 года, на наступны дзень пасля выбараў, яна пайшла ў ЦВК, Ціханоўская не распавядае дагэтуль.