«Беларусь Наталлі Радзінай» — новая кніга амерыканскага гісторыка Юрыя Фяльшцінскага
- 8.09.2025, 9:41
Кнігу можна набыць у інтэрнэце.
Новая кніга вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фяльшцінскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» выйшла ў выдавецтве ISIA Media Verlag (Лейпцыг, Германія).
Юрый Фяльшцінскі — аўтар такіх кніг, як «ФСБ падрывае Расію», «Карпарацыя: Расія і КДБ у часы прэзідэнта Пуціна», «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну» і іншых — гэтым разам звярнуўся да гісторыі сучаснай Беларусі, апісанай праз жыццё аднаго чалавека: вядомай беларускай журналісткі Наталлі Радзінай.
Пра сваю кнігу Юрый Фяльшцінскі піша:
«Наталля Радзіна — сведка і ўдзельніца беларускіх падзей апошніх дзесяцігоддзяў. У кнізе разам са сваімі калегамі і аднадумцамі — Андрэем Саннікавым, Дзмітрыем Бандарэнкам і Аляксандрай Герасіменяй — яна распавядае пра тое, як беларусы на працягу дзесяцігоддзяў самаахвярна змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Праз лёс аднаго журналіста прасочваецца лёс народа, які адстойвае сваю незалежнасць.
Чытач паглыбіцца ў жыццё гэтай смелай жанчыны, якая прайшла шлях ад шараговай журналісткі да галоўнага рэдактара вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org), і стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэстнага руху, што пачаўся ў Беларусі ў 1995 годзе і не згасае па сённяшні дзень, пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па ўказанні дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, разам з Радзінай перажыве яе турэмныя будні, адчуе радасці яе вызвалення і складанасці ўнікальнага бегства ад КДБ з Беларусі, апынецца сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Прачытаўшы гэтую кнігу, чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэдніх вякоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, якая вызвалілася ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, чыя бяспека ўрэшце можа быць забяспечаная толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і смяротныя пакаранні апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў».
Плануецца выданне кнігі на беларускай, украінскай, англійскай і іншых мовах. Набыць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» на рускай мове можна на наступных пляцоўках: