«Прыемна, што мясцовыя стараюцца захаваць мову «па‑свойму»
- 15.07.2025, 14:22
Навукоўцы з Варшаўскага ўніверсітэта правялі тыдзень у беларускіх вёсках Падляшша.
Маладыя навукоўцы з Варшаўскага ўніверсітэта правялі тыдзень у беларускіх вёсках Падляшша, каб зафіксаваць мясцовыя гаворкі, якія знаходзяцца на мяжы паміж беларускай і польскай мовамі. Гэтыя пераходныя дыялекты адлюстроўваюць унікальную лінгвістычную мазаіку рэгіёну, перадае «Радыё Рацыя».
Па выніках экспедыцыі будзе створана серыя невялікіх палявых дыялекталагічных слоўнікаў — сапраўдных скарбаў, якія пакажуць шматграннасць беларускай мовы Падляшша і дапамогуць захаваць яе ўнікальнасць.
Зараз навукоўцы занятыя апрацоўкай сабраных матэрыялаў і аналізам таго, як за апошняе дзесяцігоддзе змянілася моўная карта гэтага рэгіёну.
Госць радыё — дыялектолаг Міраслаў Янковяк — раскажа пра першыя вынікі гэтай захапляльнай экспедыцыі, пра тое, як можна падтрымліваць мясцовыя беларускія дыялекты на Падляшшы, і чаму вывучэнне беларускай мовы ў Польшчы становіцца ўсё больш актуальным.
Міраслаў Янковяк: У нас гэта ўжо другая экспедыцыя. Год таму мы паехалі са студэнтамі і аспірантамі, гэта была Сакольшчына, каб пабачыць як выглядаюць усходне-славянскія, у тым ліку і беларускія, гаворкі на тэрыторыі Польшчы. У гэтым годзе мы вырашылі паехаць трошкі больш на поўдзень, спыніліся у Кленніках для даследаванняў, гэта трошкі на поўнач ад ракі Нарва. Гэта такая даволі вялікая тэрыторыя, дзе захвалася падобнага тыпу гаворка.
Нас тут не многа, разам са мной пяць чалавек. Гэта студэнты чацвёртага курса, значыць першага магістратуры. У студэнтаў былі заняткі па беларускай дыялекталогіі, якія я вёў на кафедры беларусістыкі, каб студэнтам перадаць тэорыю, інфармацыю, але таксама важна каб яны маглі пабачыць, як выглядае праца дыялектолага, такая рэальная праца, калі трэба прыехаць з дыктафонам, пахадзіць па вёсках, пачаць размову. Гэтыя веды, якія мы маем, ці атрымліваюць на лекцыях студэнты, гэта адно, напрыклад, пра розныя рысы дыялектныя. А вось каб гэтыя рысы пачуць.
Напрыклад, як тут кажуць, што ў гэтым раёне павінны быць дыфтонгі, але іх амаль не чутна. Я стараюся іх сваім вухам злавіць, гэтыя дыфтонгі. Зразумела, калі мы будзем праслухоўваць запісы, то можам пачуць, але, напэўна, яны ўжо ў такой слабой пазіцыі.
Гэта вельмі цікавая тэрыторыя, таму што нават нашая рэспандэнтка ў Рыбалах сказала, што тут усе гаворыць па-своему. А там далей на поўнач, ці на ўсход – там дзекаю, цэкаюць. Мясцовае насельніцтва бачыць розніцу паміж вёскамі. Гэта таксама цікавая інфармацыя, што яны бачаць розніцу, маўляў, там кажуць інакш, там дзекаюць, у нас не дзекаюць.
Гэты абшар, дзе гавораць па-своему, гэта даволі вялікі абшар, там яшчэ і на поўдзень, і Бельск-Падляшскі, і ў бок Гайнаўкі. Мы, у прынцыпе, даследавалі толькі кавалачак гэтай тэрыторыі.